|
|
РАСКУЛАЧАНЫЯ КАЛГАСНIКI
Што i казаць, бясхлебiцы мы не ведалi. Але дабрабыт даваўся крывавымi мазалямi. Спазнаў iх i мой дзед, па бацькавай лiнii, Iван Антонавiч. У пошуках лепшага жыцця падаўся ён у белы свет. Пашэнцiла: ўладкаваўся шахцерам на Данбасе. Працавiты ад роду, ён амаль не ўжываў спiртнога, цаніў кожную капейку. Марыў аб адным: назапасiць грошай каб займець сваю гаспадарку. Казаў некалi дзед: "Калi чаго хочаш, то можаш дабiцца. Адно - не лянуйся". I ён дабіўся свайго. Вярнуўшыся праз колькi гадоў у Крывую Нiву, купіў у шнурах 18 гектараў зямлi, з iх 12 - ворыва. Астатняе - лугi, лес. Было дзе прыкласцi сiлы i здольнасцi. Мала сказаць, што Iван Антонавiч з'яўляўся патомным хлебаробам ён быў майстрам на ўсе рукi. Купіўшы зямлю, ён заняўся будаўнiцтвам, пачаў разводзiць скацiну, штогод папаўняўся набор сельгасiнвентару. Прывезеных з Данбаса грошай не хапала, i ён зiмой iшоў у заробкi. Далека адпраўляцца не было патрэбы. І ў сваёй вёсцы, дзе налiчвалася каля трохсот двароў, работы хапала: дзед шыў кажухi, армякi, iншую вопратку. Любіў пчалярства, садаводства. Прышчэпамi забяспечваў многiх сялян. Я ўжо не гавару, што дзед быў спраўным цесляром, сталяром, муляром. Нягледзячы на вялiкую занятасць, знаходзіў часу i для самаадукацыi. Гэта быў, бадай што, адукаванейшы чалавек на ўсю вёску, што надавала яму вялiкi аўтарытэт. Помню, як пры сустрэчы з дзедам мужыкi здымалi шапкi i нiзка кланялiся. Было за што. Ён па просьбе вяскоўцаў пiсаў пiсьмы, заявы, нiбы якi адвакат абараняў землякоў ад неабгрунтаваных абвiнавачванняў. Любоў да працы, паважлiвыя адносiны да людзей, самакрытычныя адносiны да сябе дзед перадаў сваiм дзецям і ўнукам. Як i ён, бацька наш Ягор Iванавiч адносіўся да дзяцей (шкада, што ўнукаў не дачакаўся) строга. Ды iнакш нельга было паводзiць сябе ў мнагадзетнай сям'i. Затое пазней нiхто з нас за гэта не скардзіўся на бацьку. Але ў адрознянне ад дзеда тата нiколi нас не караў фiзiчна. Выхоўваў сваiм аўтарытэтам. Апошнi раз па мне дзедава дзяга пахадзiла цi не ў дваццаць сёмым годзе. Тады ж ён ад цяжкай хваробы i памер. Незадоўга да смерцi (а бабуля памерла раней) дзед даваў бацьку наказ: "Табе на Данбас ехаць не давядзецца. Прытрымлiвайся сваёй зямлi, не пакiдай вёскi. Бачыш, Савецкая ўлада за мужыка стаiць. Табе лягчэй будзе жыць, чым некалi мне з тваёй мацi". I тата стараўся, з усiх сiл стараўся разбагацець. Тут ужо i мы сталi падрастаць. Старэйшаму, Грышу, на час смерцi дзеда было ўжо 18 гадоў. На год-два маладзейшы за яго была Аня. Ды мне чатырнаццаты iшоў. Пасля мяне нарадзiлiся двайняты Ваня i Дзiма, Пеця; Антоша паявіўся на свет у год дзедавай смерцi. Так што з сямi дзяцей бацька ўжо мог выбраць сабе памочнiкаў. Разам з iм старэйшыя з нас выконвалі ўсе сельскагаспадарчыя работы. У Крывой Нiве, як i ва ўсiм наваколлi, прытрымлiвалiся трохпольнага севазвароту. Штогод на папары пасвiлi кароў, авечак, свiней, ранняй восенню вывозiлi гной, і ўжо ў вераснi на папары сеялi жыта. На яравым клiне вырошчвалi збожжавыя, бульбу, каноплi, лён. Адным словам, работы хапала ўвесь час. Закончыцца ўборка - пачыналi малацiць, лён апрацоўваць. Ад дзеда нам дасталася добрая спадчына. Па-першае, амаль уся зямля. Справа ў тым, што ў дзеда было толькi двое дзяцей - Ягор i Дар'я, якая выйшла замуж за Балдоўскага ў Клiмавiчы. Пры нейкiх абставiнах яе муж загiнуў, i цетка Дар'я вярнулася да нас. У другi раз яна выйшла замуж за Носава - чалавека з нашай вёскi. Вось тут ёй i адрэзалi кавалак зямлi. Але i той, што засталася, нам хапала. Толькi шчыруй на тых шнурах. У апошнi час дзед справіўся пабудаваць яшчэ адзiн дом, якi стаяў пад адной страхой з першым. Аддзялялi iх халодныя сенi. За дамамi - свiран, свiнушнiк, канюшня, пуня, кароўнiк, паветка пад дровы. Адным словам, усе пабудовы выстраiлiся ў выглядзе лiтары П. З канюшнi быў выхад у вялiкi сад. Уязджалi на дварышча цераз раскошныя вароты, навешаныя на дубовыя слупкi. Адразу за варотамi, справа, стаяла студня, вада ў якой нiколi не застойвалася, таму што трэба было напаiць дзвюх кароў дзвюх цялушак, пару рабочых коней, больш за дваццаць авечак з ягнятамi, з якiх на зiму пакiдалi штук дзесяць-дванаццаць. Для ўзнаўлення атары, i не толькi сваей, трымалi барана. Кожны год бiлi па два кабаны. Свiнню трымалi, з кожнага апаросу мелi па 15-18 парасят, якiх нiкому не прадавалi. Пакiдалi толькi на гадоўлю цi для замены свiнаматкi, а астатнiх калолi перад святамi. Нiколi не выводзiлiся куры. Так што без мяса, сала, малака i яек не сядзелi. I хлеба хватала. На млыне крупы дзерлi, муку малолi. Ездзiлi некуды выцiскаць алей з канаплянага i льнянога семя. Але багацце наша давалася выключна вялiкай працай. Да таго ж мы пазбавiлiся выдатнага работнiка, якiм з'яўляўся Грыша. У 1929 годзе ў Крычаве ён закончыў тэхнiчнае вучылiшча i, не прэтэндуючы на зямлю паехаў ва Уфу. Там атрымаў вышэйшую адукацыю i стаў выкладаць у сярэдняй школе матэматыку. Такiм чынам я застаўся правай рукой бацькi. Паступова ў сялянскi быт укаранялася перадавая тэхналогiя вырошчвання сельскагаспадарчых i тэхнiчных культур. Шмат карыснага бацька браў з газеты "Беларуская вёска", якую пастаянна выпiсваў. Але ў нас доўгi час прылады працы заставалiся ранейшымi. Мелi мы двое калёсаў аднаконны плуг, саху для апрацоўкi бульбы, набор барон, прымiтыўны культыватар. У перыяд памiж гарачымi палявымi работамi я пасвіў жывёлу. I не толькi сваю, але i па найму. Узiмку бацька атрымлiваў па два пуды за адну галаву буйной рагатай жывёлы. Калi мне трэба было з-за якой-небудзь хатняй работы адлучыцца (араць, касiць, гной накiдваць, сеяць), то мяне падмяняла сястра. Павiнен сказаць, што радоўкі ў нас не было - пастухоў наймалi. Вось i трапляў я ў наёмныя работнiкi. Пасвiць кароў не так ужо i цяжка было. У статку знаходзiлася не больш за дванаццаць галоў. Такiм чынам на адным папары брадзiла шмат статкаў. Пасля сенакосу кароў пераганялі ў лес, а пасля ўборкi збожжавых - на пожню. Працаваў я на зямлi, без прымусу. Стараўся ўсё спасцiгнуць самастойна, а тата iншы раз мае дзеянні ўспрыймаў як свавольства. Неяк у адзiн год папар ад нашай хаты быў размешчаны недалёка. А мне так хацелася хутчэй навучыцца араць. Часта хадзіў следам за бацькам. Але ён у мае рукi плуг перадаваў рэдка. Гэта намнога пазней я стаў самастойным аратым. А тады мне было гадоў дзесяць. Усе старэйшыя паехалi на поле, а мяне пакiнулi малых даглядаць, куранят каравулiць. Ды дзе ты ўседзеш спакойна! Дома адзiн конь застаўся. Пад страхой - плуг. З горам папалам выцягнуў я плуг за сад, вывеў каня, запрог (гэта ў мяне ўжо лоўка атрымлiвалася) i давай баразнiць поле. Спацеў, змучыўся, аднак у сваiх дзеяннях я бачыў у сабе сапраўднага гаспадара. Спачатку мне ўляцела ад бацькi, праўда, i на гэты раз без дзягi. А праз якiх пару гадоў ён ужо ўсмiхаўся: " Ты ж, Мiколка, у мяне сапраўдны гаспадар: у дзесяць гадоў ледзь не ўвесь папар узараў". Наблiжалася калектывiзацыя. Пра яе тата ўжо чуў ад людзей, чытаў у газеце. Аднак па натуры ён быў прыватнiкам. Лiчыў, што калгасы, якiя так расхвальвала начальства, не па яго характары. Усё часцей у Крывой Нiве сталi паяўляцца розныя агiтатары. На агульнасялянскiх сходах то адзiн, то другi прадстаўнiк з Касцюковiч ва ўвесь голас стараўся даказваць перавагi калектыўнага вядзення гаспадаркi над iндывiдуальнай, аднаасобнiцкай. - Вы ўявiць сабе не можаце,- казаў адзiн з агiтатараў,- як багата вы ўсе зажывяце ў калгасе! А сказаць канкрэтна як, не мог, таму што калектывiзацыя разгортвалася на голай тэорыi, прадказаннях, тым больш з парушэннем ленiнскiх рэкамендацый аб кааперацыi. Бацька таксама хадзіў на такiя сходы, але нягледзячы нi на якiя ўгаворы, пiсаць заяву не збiраўся. А ўгаворшчыкаў хапала. Неяк прыйшоў да нас сакратар Вiтухноўскага сельсавета, усмiхаецца: - Што, Ягор, не перадумаў? Паглядзi, якая вялiкая ў цябе сям'я. Цэлая брыгада. Пойдзе ў арцель твая сям'я, а за ёй астатнiя паспяшаюцца. Ох, i багата жыць будзеце! - Не прымушайце мяне рабiць тое, што мне не па нутры, - усё супраціўляўся бацька. - Я i на ўласнай гаспадарцы нядрэнна жыву, толькi вы мне не перашкаджайце. Легка сказаць: не перашкаджайце. Бацьку хацелася, каб так было. А на справе атрымлiвалася зусiм iнакш. Перашкоды былi на кожным кроку. Ад начальства сыпалiся пагрозы, сталi абкладваць непасiльным падаткам. Хоць мы чужой працы не прымянялi, нас чамусьцi называлi кулакамi. Штодня тата хадзіў хмуры, на ўсiх злаваўся, нiбы кожны вiнаваты ў тым што навокал адбывалася. Не-не, ды казаў: "Каб падняўся Ленiн, ен навеў бы парадак. Хiба можна сiлком заганяць людзей у калгас?" Нарэшце тата не вытрываў i скрозь слёзы выказаў дома, бадай што самыя цяжкiя для сябе словы: - Заўтра павядзем на агульны двор коней, карову. Кажуць, курэй чапаць не будуць. Загаласiла мама: - А Ягорачка ты мой мiленькi, а Ягорачка ты мой родненькi! Што ж ты надумаў? Гарбом i потам нажытае ды аддаць няма ведама каму? Нават у гэтую часiну бацька не траціў раўнавагi, гаварыў, не павышаючы голас: - Ды нас абкладуць з усiх бакоў падаткамi, як ваўкоў чырвонымi сцяжкамi. Дзе ты дзенешся? Усё роўна за нявыплату падаткаў забяруць наша дабро. А так нешта ды застанецца. У калгас мы ўступiлі ў лiку апошнiх. Стаўшы членамi сельскагаспадарчай арцелi, нiхто з нас па-ранейшаму не цураўся працы. Нават мацi змiрылася са становiшчам. Казала: - Дзе б нi жыў, кiм бы нi быў, а працаваць трэба. Дасць Бог, i тут з голаду не згiнем. Галоўнае, што мы ўсе разам. Ды i Грыша добра ўладкаваўся ў той Уфе. На вачах аднавяскоўцаў расла i прыгажэла наша Аня. Мне здавалася што такую прыгожую i руплiвую дзяўчыну не знайсцi ва ўсiм Вiтухноўскiм сельсавеце. Добра ведаў гэта i сакратар сельсавета Саша Лукашэвiч. Нездарма ён пры сустрэчы з Аняй усё кiдаў ёй камплiменты. Асаблiва гэта прыкметна было на вячорках, што праводзiлiся па чарзе ў розных хатах. Iншы раз і ў нас моладзь збiралася. Дзяўчаты прыносiлi з сабой то калаўрот, то нiткi з кручкамi ды спiцамi, то яшчэ што-небудзь. I кожная займалася сваей справай. Аня надта прыгожыя посцiлкi ткала, таму нiколi з калаўротам не раставалася зiмою. Трэба ж напрасцi розных нiтак, потым пафарбаваць iх, каб на другi год устанавiць кросны і ўзяцца за звыклую для яе работу. Хлопцы на вячорках дзяўчат забаўлялi. Трапна кпiлi адзiн над адным ды дзяўчат па хаце ганялi iншы раз. Больш сталыя прыцiскалiся да iх, жартавалi:"Усё , цяпер нiкуды не ўцячэш, будзеш са мною ўсё жыццё мучыцца." Не дзiва, што пасля вялiкага паста i пачыналiся на вёсцы вяселлi. Глядзiш, да вясны ў Крывой Нiве на некалькi маладых сем'яў больш станавiлася. Мне ўжо было каля семнаццацi, i я таксама стаў частым госцем на вячорках. Як i многiя равеснiкi, трымаўся нясмела. Больш за ўсё прыглядаўся да iншых. Аднаго разу на вулiцы стаў нявольным сведкам размовы Лукашэвiча з сястрой. - Аня,- угаворваў ён яе,- выходзь за мяне замуж. Нiхто цябе не зможа так кахаць, як я. Яна наадрэз адмаўлялася ад такой прапановы: - Ды ёсць у мяне, Саша, хлопец, i ты ведаеш хто. Як жа я тады буду яму ў вочы глядзець? Ды без узаемнага кахання - якое будзе ў нас жыццё? Раззлаваўся сакратар сельсавета: - Ну, паглядзiм. Не хочаш замуж за мяне выходзiць, апынешся там дзе белыя мядзведзi водзяцца. "Ыш ты,- падумаў я, падслухаўшы iх размову,- як Саша добра геаграфiю вывучыў." Аня не стала жонкай нялюбага чалавека, але ён утаіў злосць не толькi на яе, а i на ўсю нашу сям'ю. Чакаў толькi зручнага моманту каб з намi расквiтацца. I такi момант падышоў. Неяк на пачатку 1931 года калгаснiкi развозiлi па прыватных лазнях iльняныя снапы, каб падсушыць ix, а потым, падагнаўшы малатарню, абмалацiць галоўкi. За татам замацавалi чатыры лазнi - усе непадалек ад хаты. Адна з iх- наша, другая - бацькоў таго ж Сашкi Лукашэвiча. Выцепліў бацька лазнi, лён парасклдваў. Здавалася, усё было ў парадку. Аднак з-за дрэннага зроку, якi тата сапсуў пад час хваробы воспай, ён не заўважыў, як адзiн снапок зляцеў на гарачае каменне печкi i ноччу лазня з калгасным iльном згарэла. А можа, яе хто падпаліў? Для Сашкi Лукашэвiча i яго хаўруснiкаў з'явiлася прычына прызнаць бацьку ворагам калгаснага руху. Сталi яго цягаць у сельсавет, мiлiцыю, пракуратуру. Прыгадалi, як упарта не жадаў уступаць у калгас. У сельсавеце Сашка папракнуў: "Дык ты для таго і ўступіў у калгас каб яму шкодзiць? Не палучыцца!" - Не, не можа быць, каб невiнаватага чалавека засудзiлi,- абураўся дома тата . - Будзем шукаць праўду. Аднойчы тата пасадзіў мяне за стол, паставіў перада мной бутэлечку чарнiла, паклаў ручку i аркуш паперы з вучнёўскага сшытка. - Будзем пiсаць пiсьмо Сталiну. Хто-хто, а ён не дазволiць крыўдзiць чалавека, калi той не вiнаваты. Бацька хадзіў па хаце i, абдумваючы кожнае слова, як квалiфiкаваны настаўнiк дыктаваў мне сказ за сказам. Атрымалася прыгожае пiсьмо. I я падумаў: "Хiба такiя цеплыя словы, звернутыя да "нашага бацькi i настаўнiка",не зачэпяць яго за жывое?" Перапiсаўшы чарнавiк, я аднёс пiсьмо за пятнаццаць кiламетраў у Касцюковiчы, баючыся, каб тут, у сельсавеце, наша пiсьмо не перахапiлi. Але, вiдаць, гэта зрабiлі ў райцэнтры, паколькi з Крамля мы так i не атрымалi нiякага адказу. А можа, людзi са сталiнскага акружэння на такiя допiсы наогул не звярталі ўвагi? Хто яго ведае. І ўсеж мы жылi надзеямi на лепшае. Iншы раз здавалася, што да нас ужо сталi адносiцца па-людску. Нават сам Лукашэвiч нiбы змяніў да нашай сям'i адносiны. Але гэта было толькi вонкавае ўраджанне. А там, унутры "лукашэвiчаў", спела ненавiсць да Ягора Цэхана i яго сям'i. Ды яно iнакш не магло быць. Яшчэ ў канцы 1929 года на канферэнцыi аграрнiкаў-марксiстаў I.В.Сталiн абвясціў лозунг лiквiдацыi кулацтва як класа, што цераз некалькi дзён атрымала замацаванне ў студзеньскiм Пленуме ЦК ВКП(б). Наша ж гаспадарка і ўваходзiла ў лiк тых, што падлягалi раскулачванню. Выратавала ўступленне ўсей сям'і ў калгас. Цяпер жа, з узнiкненнем пажару, быў самы зручны момант вярнуцца да тэмы раскулачвання. А дакладней, саслаць Цэханаў "да белых мядзведзяў", якiмi пагражаў Саша Лукашэвiч. Тым часам жыццё крываніўскай моладзi iшло сваей чарадой. Тыя ж вячоркi, тыя ж танцы, тая ж весялосць i бесклапотнасць. Радавалiся мы, што нарэшце скончыўся перадвялiкодны праваслаўны пост, i можна зноў весялiцца. Нiхто з бацькоў не будзе табе пярэчыць. Калі ўжо ў каго наладжвалiся танцы, то танцавалi да трэцiх пеўняў. На гэты раз я зноў доўга затрымаўся на танцах i калi рынуўся ў пасцель, то адразу забыўся моцным сном. У гадзiн шэсць-сем (пачало ўжо вiднець) я прачнуўся ад мамiных слоў: - Сынок, бяда. Мiлiцыя да нас увалiлася, вобыск пачынаюць. Я борздзенька апрануўся. Тут жа i спаткаўся з мiлiцыянерам. - О, дык ты ўжо дарослы,- загаварыў ён. - Сапраўдны падкулачнiк. Разам з бацькам i пойдзеш у Касцюковiчы. Хопiць шкодзiць калгасу. Нажылiся на людскiм горы. Няхай цяпер бедната пашыкуе. Я стаў сябе i тату апраўдваць, адказваючы, што мы багацце нажылі ўласнымi мазалямi (паказаў свае далонi), але ён мяне i слухаць не хацеў. Толькi крыва ўсмiхнууся: - У Касцюковiчах будзеш даказваць, якi ты харошанькi кулачок. I строга: - Пайшлi! Мiлiцыянер не дазволіў нам нават лапцi нацягнуць. Iншага абутку на будзен дзень у нас не было. Калi не памыляюся, то штодня ў ботах з усёй вёскi некалi хадзіў толькi мой дзед Iван Антонавiч Цэхан. Гонiць канваiр нас, босых, перад сабой, а сам на канi трымаецца. У размову ўступаць не хоча. А навокал - такая прыгажосць: сады расцвiтаюць, жаўрукі ў небе залiваюцца. Тата цяжка ўздыхае: - Няўжо, сынок, мы з табой апошнi раз наша роднае паветра ўдыхаем? - Маўчаць!- крычыць мiлiцыянер. - У расход, можа, i не пусцяць - тады i нагамонiцеся. Усмiхаецца. Што яму лёс чужых невiнаватых людзей? Калi сказалi што Ягор Цэхан з сынам падрываў калектывiзацыю, то ён, напэўна, гэтаму i верыў. А па-другое, нашаму павадыру нiчога не заставалася, як толькi выконваць загад. Але ж грубасць, знявага чалавека. Праз тры кiламетры ля цаглянага будынка Вiтухноўскай школы, дзе я па вечарах вучыўся ў пятым класе, спынiлiся. Пакiнуушы пры нас нейкага штацкага вартаўнiка (можа, у яго наган i быў), мiлiцыянер падаўся ў сельсавет, якi размяшчаўся побач. Я папрасіў зайсці ў школу, развiтацца са сваiм класам. Суровы адказ: - Не дазволена вам нiкуды адлучацца. - А ў адхожае месца можна?- пацiкавіўся бацька. - Нельга. Садзiся вось пад гэтай яблыняй i рабi што хочаш. - Дык сорамна - мы ж усё-такi людзi,- заступіўся я за тату. - А мне што, - пацiснуў плячыма вартавы. Неўзабаве вярнуўся мiлiцыянер. Мне думалася, што ён зараз скажа: "Iдзi, хлопец, дадому - ты нам не патрэбны". Не сказаў. Замест гэтага пачулася: - Устаць! Рана адпачываць уздумалi - гэта яшчэ не Касцюковiчы. Да Касцюковiчаў заставалася яшчэ дванаццаць кiламетраў. Усю дарогу мы з бацькам амаль што не размаўлялi. Ды i гаварыць не хацелася. Абодва былi занятыя сумнымi думкамi: "Куды гоняць? Што з намi станецца? Цi закончыцца падарожжа райцэнтрам?" Спачатку мы апынулiся ў мiлiцыi, дзе на нас аформiлi розныя паперы. Адтуль - у турму, якая размяшчалася ў нейкiм падвале. Перад дзвярыма камеры нас дэталева абшукалi. Нават загадалi вывернуць кiшэнi. Дзягi адабралi. У камеры ўжо было шмат народу. Хто стаяў, хто сядзеў, хто ляжаў на палацях: ад сцяны да сцяны - на ўсiх адны. Запомніўся шустры маленькага росту яўрэй. - А ты за што?- не ўтрымаўся бацька. - Вуй, вуй, вуй!- застагнаў ён.- Кажуць, што я злодзей. А якi я злодзей? Залез пару разоў да багатых у кiшэнi, i мяне злавiлi і ўпiхнулi сюды. Сказалi сядзець i не рыпацца. А хiба я рыпаюся? I смех, i грэх. Бацька хоць i стаміўся за дарогу, але адразу нават не прысеў. - Эй ты, мужык!- звярнууся да яго кiшэнны злодзей.- Не мазоль вочы. Калi ты стаiш, то думаеш, цябе не пасадзiлi? Сядзiм мы тут, браток, усе: i я, i тыя, што на нарах размясцiлiся, i ты - усе сядзiм. - I доўга нам давядзецца сядзець?- не сунiмаўся бацька. - Як каму,- усмiхнууся той.- Мая жонка ўсё зробiць, каб мяне выпусцiлi, а ты, калi цябе, як ты кажаш, кулаком залiчылi, ой не скора вернешся. Канечне, нiчога не ведаў пра гэта яўрэй, але ад яго слоў нам стала яшчэ больш сумна. Чуў, напэўна, пра тое, куды каго i на колькi гадоў высылаюць, таму так i гаворыць. У камеры панаваў страшэнны смурод. На вулiцу не выпускалi - усе рабiлі ў вядро. Прыгнятала тое, што нiхто з родных нас так i не наведаў. Пазней даведалiся, што прыходзiла Аня, але ёй у спатканнi адмовiлi. I перадачу не дазволiлі ўручыць. Праўда, голадам не мучылi: хлеб суп, каша. Многiя вясной i на вёсцы такога не мелi. Праз якi тыдзень усiх нас перавялi на зернесклад, дзе таксама ядой не крыўдзiлi. Будынiна вялiкая, але i людзей шмат. Майго ўзросту пацаноў амаль што не было - у асноўным старэйшыя за мяне. Бацьку ж тады iшоў сорак дзевяты год. Заўважыў я, што тут сядзелi целымi сем'ямi. У асноўным з лiку раскулачаных. Тыя ж ведры для натуральных спражненняў. Толькi смурод не той - на склад больш паветра паступала, з дому ж усё яшчэ не было нiякiх паведамленняў. I на складзе нас доўга не трымалi: праз тыдзень пад канвоем коннай мiлiцыi (во дзе ворагаў народа знайшлi!) пагналі ўсiх за тры кiламетры на станцыю Камунар. Хворых i старых везлi на падводах. Горкай, але ў той жа час радаснай была сустрэча ў Камунары з сям'ёй. Услед за намi пазбавiлi волi маму, Аню, Ваню i Дзiму. Цешыла, што ўсё-такi мы будзем разам. Не было з намi двухгадовага Антошы i трохгадовага Пецi: iх узялi на парукi два мамiны браты Янiцкiя з вескi Скалiно. Крыху пазней маiх маленькiх братоў аддалі ў Пухавiцкi дзетдом. Грыша ж па-ранейшаму жыў ва Уфе i пакуль што пра наша гаротнае становiшча нiчога не ведаў. Доўга знаходзiцца і ў станцыйным бараку не давялося - настаў час адпраўкі ў далёкую дарогу, далёкую, невядомую. Развiтацца з намi прыйшоў з Касцюковiчаў мой аднагодак стрыечны брат Мiкола Балдоўскi, актыўны камсамолец. Чамусцi за мной, як i за некаторымi iншымi хлопцамi з сем'яў раскулачаных, нiхто пiльна не сачыў. Непрыкметна я ўсё далей i далей аддаляўся ад сваiх. Мог і ўцячы. Але рабiць гэта не хацеў: я ж заставаўся старэйшым з дзяцей у сям'i (з хлопцаў, вядома), i тата з мамаю разлiчвалi на маю дапамогу. Таму калі ў мяне нейкi начальнiк пацiкавіўся, хто я, адкуль, то без страху адказаў: - З Крывой Нiвы, Мiкалай Цэхан. Прывезлi разам з бацькамi. - Не адставай ад сваiх,- спакойна адказаў ён.- А то могуць быць непрыемнасцi. О, як галасiлi людзi, развiтваючыся з роднымi, блiзкiмi, знаёмымi! Нiхто не здагадваўся, што многiя раставалiся назаўсёды. На гэты раз я здіўляўся вытрымцы сваёй мамы. Яна, вечна хворая, галасiла, як здавалi скацiну ў калгас, а цяпер паводзiла сябе спакойна. Казала: - Звярнiце, дзеткi, увагу, каго вывозяць - самых лепшых, працавiтых людзей. Так што разам з iмi i там не прападзем. Нехта з незнаёмых, пачуўшы мамiны словы, падскочыў да яе: - Ты, гаспадынька, можа, i праўда ведаеш, куды нас адпраўляюць? - Ды не,- адказала яна.- Але думаю, што ўсюды такiя людзi, як мы патрэбны. Падалi вагоны. Звычайныя цяплушкi-цялятнiкi. Адзiн на дзве-тры сям'i. У залежнасцi ад колькасцi членаў сям'i. Нас памясцiлi разам з Фешчанкамi. Я адразу зблiзіўся з iх сыным, старэйшым за мяне гады на два. - Ты, Мiколка, ведаеш, куды нас вязуць?- гэтае пытанне хвалявала i яго. - Нават не здагадваюся,- адказаў я.- А што? - Ды я думаю, каб нам з табою па дарозе ўцячы,- пачухаў сябра патылiцу. - Уцякаць трэба было на станцыi Камунар, калi за намi пiльна не сачылi. А цяпер позна пра гэта думаць. Ды i бацькам я абяцаў трымацца разам. Цi мала дзе дапамагчы давядзецца. |